Разделы сайта

Главная

Архив новостей

15.01.2020

Конкурс прафесійнага майстэрства “ Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”

Ва ўстановах адукацыі Маскоўскага раёна стартаваў чарговы этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.

Для большасці педагогаў конкурс прафесійнага майстэрства ‒ сродак самавыяўлення, форма самапрэзентацыі, пляцоўка для дэманстрацыі ўзроўню прафесійнай кампетэнцыі, агульнай культуры, творчага і кар’ернага росту. Першы этап конкурсу прайшоў у снежні . Установы адукацыіі вылучылі сваіх пераможцаў на раённы этап.

Пляцоўкамі для правядзення адкрытых урокаў у незнаёмай сітуацыі былі абазначаны ДУА “ Сярэдняя школа №23 г.Брэста” і ДУА “ВПК яслі-сад-пачатковая школа №6 г.Брэста”

Першым удзельнікам конкурсу стала настаўніца біялогіі ДУА “Сярэдняя школа №26 г.Брэста”Бакунец Святлана Валер’еўна. Цікавая прэзентацыя творчай педагагічнай дзейнасці. Асоба настаўніцы шматгранная. Калегі па працы адзначаюць , што яна цікавы суразмоўца, надзейны сябар.У сваёй працы яна выкарыстоўвае практыка-арыентаваныя заданні, прычым поспех бачыць у сістэмнасці. Творча падыходзіць да адбору зместу матэрыялу. Настаўніца выкарыстоўвае інструктыўныя карты, што спрыяе фарміраванню пазітыўнай вучэбнай матывацыі і пазнавальнай актыўнасці. Свой вопыт апрабіравала на практыцы і апублікавала ў рэспубліканскім часопісе “ Біялогія і хімія”.

На высокім узроўні прайшоў урок Карповіч Ларысы Віктараўны ў VII“Б” класе па тэме “ Максім Горкі “ Песня о Соколе” ”. Усе віды маўленчай дзейнасці, рэалізацыя міжпрадметных сувязяў, інтэрактыўныя метады і прыёмы, рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні рускай мове ‒ усё гэта садзейнічала выхаванню полікультурнай асобы вучня. Ларыса Віктараўна педагог з вопытам, яна з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Маскоўскага раёна. Актыўны ўдзельнік рэспубліканскіх семінараў, конкурсаў, ініцыятар цікавых мерапрыемстваў.На сваіх уроках выхоўвае культуру чытання, фарміруе эстэтычныя ідэалы. Шырока выкарыстоўвае праблемныя пытанні , якія спрыяюць фарміраванню самастойнага мыслення ,больш глыбокаму засваенню твораў.

Чыж Марына Міхайлаўна настаўнік хіміі ДУА “ Сярэдняя школа №28 г Брэста”. У сваёй рабоце прытрымліваецца дзейснага падыходу, фарміруе ў навучэнцаў уменне дзейнічаць у розных сітуацыях, прымяняць атрыманыя веды на практыцы і ў штодзённым жыцці.Вялікае значэнне мае ўменне настаўніцы вывучаць новае на ведах вучняў, атрыманых пры вывучэнні іншых прадметаў , а таксама ведах , атрыманых на папярэдніх уроках.У вольны час настаўніца любіць веласпорт, праводзіць трэнінгі па вывучэнні правіл дарожнага руху для веласепедыстаў.

Вядомы ў раёне як удзельнік конкурсу “ Малады настаўнік Брэстчыны” Кавярэц Аляксей Анатольевіч ДУА “ Сярэдняя школа №24 г.Брэста”. Трынаццаць гадоў ён выкладае ў школе дапрызыўную падрыхтоўку і фізічную культуру . Вялікую ролю надае патрыятычнаму выхаванню . Мемарыяльны атрад школы мае свой почырк. Вучні неаднарозова з’яўляліся пераможцамі розных конкурсаў. Яму ўласцівы творчы падыход да вырашэння розных праблем.

Настаўнік пачатковых класаў ДУА “ Сярэдняя школа №3 г.Брэста” Петравец Кацярына Мікалаеўна валодае глыбокімі ведамі ў галіне методыкі выкладання прадметаў на 1-ай ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Умела адбірае найбольш рацыянальныя спосабы вырашэння метадычных задач. Выкарыстоўвае актыўныя метады і прыёмы. Урокі яе характырызуюцца навуковасцю , высокай шчыльнасцю і прадукцыйнасцю, разнастайнасцю як па спосабе правядзення, так і па дыдактычных мэтах.

Дзядзюк Наталля Пятроўна, настаўнік пачатковых класаў ДУА “ВПК яслі-сад-пачатковая школа №6 г.Брэста” выкарыстоўвае розныя метады навучання: інфармацыйна-паведамляльны, тлумачальна-ілюстрацыйны, праблемны , часткова-пошукавы. Нестандартныя формы урока з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій робяць яе ўрокі цікавымі і змястоўнымі. Спалучае работу ў парах, практыкуе розныя тыпы рашэння задач.

Клуніна Марына Васільеўна, настаўнік англійскай мовы ДУА “ Сярэдняя школа №3 г. Брэста”.Яе урок вызначаўся практычнай накіраванасцю , цэласнасцю, унутранай узаемасувяззю, аптымальнай структурай. Нагляднасць на ўроку была даволі насычанай і запатрабаванай вучнямі. Сваю работу будуе на развіцці пазнавальнай актыўнасці і камунікатыўнай кампетэнцыі.

Усе ўдзельнікі перакананы, што ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства -гэта вялікі крок наперад для любога педагога. Выйдуць у фінал найбольш падрыхтаваныя і трывалыя, тыя, хто ўмее мабілізаваць свае ўменні і ў патрэбны момант прадэманстраваць найлепшыя прафесійныя якасці. Тварыце! Верце! Здзіўляйце саміх сябе і тых, хто побач!

І памятайце, што ўдзел у конкурсе ‒ гэта аб’ектыўная ацэнка сваёй прафесійнай дзейнасці, абмен вопыту з калегамі, вопыт публічных выступленняў, адкрытых урокаў і самае галоўнае ‒ наступны прафесійны ўзровень.

ДУ “Вучэбна-метадычны кабінет Маскоўскага раёна г.Брэста”