Разделы сайта

Главная

Прохорова Светлана Ивановна

Прырода шчодрай рукой рассыпала красу па ўсім свеце, а ў дадатак глыбока ў душы чалавека пасяліла таямніцу адчування прыгажосці, якая праяўляецца ў канкрэтных формах. Уражлівая душа адкрывае прыгажосць і  перадае яе ў творчасці: музыкант ператварае чароўныя гукі ў мелодыю, мастак выводзіць пэндзлем пейзажы, скульптар увасабляе задумы ў гліне.

 

Гісторыя вышыўкі як віду мастацтва губляецца ў старажытнасці. У “Слове аб палку Ігаравым" аўтар згадвае, што масцілі масты "ўсякімі ўзорамі палавецкімі”. Мабыць, тыя ўзоры, пераплеценыя каляровымі ніткамі, настолькі былі адметныя, што запалі ў душу аўтара. Сёння вышыўка карыстаецца вялікай папулярнасцю.

У час метадычнага фестывалю "Залатыя россыпы", які штогод ладзіцца ў брэсцкім ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна, я трапіла на выставу карцін настаўніцы беларускай мовы i літаратуры Святланы Іванаўны Прохаравай. Нездарма кажуць, каб больш поўна даведацца пра чалавека, трэба зазірнуць у свет яго захапленняў. Святлана Іванаўна працуе над цыклам “Малітва да Усявышняга” паводле вядомых біблейскіх сюжэтаў. Яе вышыўкі сцвярджаюць, што вера — гэта сэнс чалавечага існавання на зямлі, а духоўнасць — найважнейшая яго ўласцівасць.

Святлана Іванаўна ў вышыўцы знаходзіць супакой душы пасля напружанай настаўніцкай працы. У руках пе­дагога ажывае любая тэхніка: крыж, паўкрыж, габеленавае шво. Акуратна кладуцца ніткі на палатно, нараджаецца твор мастацтва. Карціны настаўніцы аздабляюць інтэр'ер уласнай кватэры, ствараючы ў ёй утульнасць i надаючы своеасаблівы каларыт.

Святлана Іванаўна гаворыць: "Вышыўка патрабуе шмат часу, але калі яна авалодвае табой, то ўжо міжволі рукі цягнуцца да іголкі. Тады раскладваеш палітру нітак, даеш прастор фантазіі і малюеш уласны свет, чароўны і непаўторны".

Праца настаўніцы i захапленне вышыўкай — адно цэлае. На рабоце яна адкрывае свет юным душам, якія прагнуць новага і цікавага і тонка адчуваюць прыгажосць. Цеплыня душы i ўмелыя рукі педагога адкрываюць акно ў таямнічы свет карцін-вышыванак.

Праз вушка іголкі кладуцца ніткі… Ствараецца гама пачуццяў, частка ўласнага свету, азоранага ўнутранай і знешняй прыгажосцю.

 

Iнфармацыя падрыхтавана намеснiкам загадчыка ВМК Дрык Н.С.