Разделы сайта

Главная

Семенова Светлана Николаевна

Быць першым ва ўсім
 
Ні для каго не сакрэт, што дзейнасць дырэктара сучаснай установы адукацыі падпарадкоўваецца законам менеджменту. Каб быць эфектыўным кіраўніком, неабходна валодаць высокім узроўнем прафесійных кампетэнцый, камунікатыўнай культуры, стратэгічнага мыслення, а таксама лідарскімі здольнасцямі.
Менавіта такім кіраўніком ведаюць у Брэсце і ў іншых рэгіёнах вобласці дырэктара ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Святлану Мікалаеўну Сямёнаву. Больш за 40 гадоў працуе яна ў сістэме адукацыі, з іх 22 гады – дырэктарам.
У сваёй рабоце С.М.Сямёнава шмат увагі ўдзяляе стварэнню прадметна-развіццёвага асяроддзя ў вучэбных кабінетах, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Дырэктар высока ацэньвае прафесіяналізм сваіх педагогаў, таму калектыў ліцэя на працягу доўгага часу з’яўляецца стабільным і зладжаным. 10 педагогаў – выдатнікі адукацыі, два – заслужаныя настаўнікі Беларусі. Шмат разоў педагогі ліцэя станавіліся лаўрэатамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Гэта – Ганна Адамаўна Шуруціна (20 прызёраў абласной алімпіяды па фізіцы), Валянціна Уладзіміраўна Слесарчук (13 прызёраў абласной алімпіяды па матэматыцы), Святлана Людвігаўна Зялінская, Ганна Эдвардаўна Навуменка і інш.
Мэтанакіраваная дзейнасць педкалектыву па фарміраванні ў вучняў здольнасцей да глыбокага і трывалага засваення зместу прадметаў на аснове ўстойлівых пазнавальных інтарэсаў і па развіцці высокаматываванай асобы прыносіць выдатныя вынікі. Выхаванцы ліцэя штогод становяцца дыпламантамі і лаўрэатамі навукова-практычных канферэнцый, пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Толькі за апошнія 3 гады 122 ліцэісты сталі пераможцамі раённых, 81 – абласных і 15 – рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Навуковае таварыства навучэнцаў адзначана 121 дыпломам на міжнародным узроўні, 442 – на рэспубліканскім, 198 – на абласным і 613 – на рэгіянальным.
Амаль усе выпускнікі ліцэя паступаюць у ВНУ, прычым пераважна на бюджэтную форму навучання. Традыцыйна шмат выхаванцаў ліцэя і сярод тых, хто набраў 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні.
Чым можна патлумачыць такую паспяховасць?
Галоўны прынцып работы педкалектыву – асобасна-арыентаванае навучанне. У ліцэі створана шырокая сетка курсаў па выбары, факультатыўных і індывідуальных заняткаў. На высокім узроўні арганізавана супрацоўніцтва з ВНУ (на базе ліцэя адкрыты 9 філіялаў кафедр БрДУ імя А.С.Пушкіна).
           Святлана Мікалаеўна ахвотна дзеліцца эфектыўным вопытам з калегамі. Штогод з яе ўдзелам на базе ліцэя праходзяць семінары для дырэктараў школ, гімназій і ліцэяў вобласці па актуальных праблемах кіраўніцкай дзейнасці: “Арганізацыя работы з адоранымі вучнямі”, “Формы і метады ідэалагічнай работы ў школе”, “Роля факультатыўных заняткаў у арганізацыі даследчай дзейнасці ліцэістаў”.
Сённяшні ліцэй – гэта не проста навучальная ўстанова, а адукацыйны і культурны цэнтр, дзе апрабуюцца новыя педагагічныя тэхналогіі і методыкі. Неаднаразова ўстанова станавілася пляцоўкай па эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Энтузіязм Святланы Мікалаеўны ў апрабацыі інавацыйнага педагагічнага вопыту аб’ядноўвае педагогаў для дасягнення высокіх вынікаў. Як кіраўнік, С.М.Сямёнава з’яўляецца ініцыятарам стварэння аўтарскай праграмы псіхалагічнага суправаджэння ліцэістаў у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Рэалізацыяй праграмы, рэкамендаванай кафедрай псіхалоіі БрДУ імя А.С.Пушкіна для прымянення ва ўсіх навучальных установах вобласці, займаецца педагог-псіхолаг, выдатнік адукацыі Беларусі Людміла Вітальеўна Клюева.
Ліцэй ганарыцца сваімі выпускнікамі. Сёння з 708 выхаванцаў установы, якія вучыліся па хіміка-біялагічным профілі, 93 урачы, 25 псіхолагаў, 42 эколагаў. 28 выпускнікоў – кандыдаты навук, якія плённа працуюць у розных ВНУ нашай краіны. Больш за 150 выхаванцаў – ваенныя афіцэры, 79 – дыпламаты. За высокія дасягненні ў адукацыйнай дзейнасці ліцэй прызнаны лепшай установай адукацыі вобласці ў 2009 годзе і занесены на абласную дошку гонару.
Святлана Мікалаеўна выконвае не толькі дырэктарскія абавязкі, але яшчэ і выкладае матэматыку. С.М.Сямёнава падрыхтавала пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Як асоба творчая, яна з’яўляецца сааўтарам метадычных дапаможнікаў “Навучанне агульным прыёмам пошуку рашэнняў нестандартных задач на ўроках алгебры”, “Лагічныя задачы ў конкурсе матэматычнага аналізу”.
Пры ўсёй напружанасці асноўнай работы Святлана Мікалаеўна займаецца і грамадскай дзейнасцю ў складзе абласнога Савета дэпутатаў. Дырэктар укладвае душу ў настаўніцкую працу і лічыць: калі быць першым, то ва ўсім.
Усе, хто ведаюць Святлану Мікалаеўну, адзначаюць яе высокую эрудзіраванасць і ініцыятыўнасць. “Патрабавальная, але справядлівая”, - гавораць пра яе педагогі.
За добрасумленную працу Святлана Мікалаеўна адзначана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, званнем ”Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь” і медалём Францыска Скарыны.
Быць лідарам – адказная справа. І Святлана Мікалаеўна з гонарам выконвае пачэсную місію, ускладзеную лёсам на яе жаночыя плечы.
 
Iнфармацыя падрыхтавана намеснiкам загадчыка ВМК Дрык Н.С.