Разделы сайта

Главная

Логвин Василий Иванович

 

Ганчарных спраў вялікі майстар

 

Сёння амаль у кожным доме ёсць творы народных майстроў. Яны ўваходзяць у наша жыццё не як утылітарныя прадметы, а ў першую чаргу як творы мастацтва, якія адпавядаюць нашаму эстэтычнаму густу, становячыся адмысловым упрэгажэннем дома. Невыпадкова вялікай папулярнасцю карыстаюцца выставы майстрў народных промыслаў.

Трымаю ў руках гліняную вазу, зробленую шчодрымі рукамі таленавітага майстра, які ператварыў яе ў сапраўдную каштоўнасць, і міжволі задаю сабе пытанні: адкуль нарадзіўся цуд мастацтва? Што спрыяла яго нараджэнню?

З глыбінкі, будучы падлеткам, Васіль Іванавіч Логвін паехаў вучыцца ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка, куды адбіралі таленавітых дзяцей з усёй Беларусі. Потым была вучоба ў Віцебскім педагагічным інстытуце на мастацка-графічным факультэце, а далей работа ў сэрэдняй школе №10 горада Брэста – настаўнікам выяўленчага мастацтва.

Абапіраючыся на вопыт мінулых пакаленняў, Васіль Іванаваіч заўсёды імкнецца знайсці ўласнае арыгінальнае вырашэнне задумы, адухаўляючы кожны выраб сваёй асобай і талентам. Можа, таму кожны выраб народнага майстра як бы захоўвае цяпло яго рук. Кожны выраб адметны і ўнікальны, бо ў яго свая форма свае прафесійныя прыёмы, свой эстэтычны густ. Майстар добра разумее спрадвечную ісціну: яго творы набудуць трываласць і ўстойлівасць, калі будуць фарміравацца па законах прыроды, ад якой залежыць чалавек.

Васіль Іванавіч разам з калегамі па рабоце ездзіў у вёску Огава Іванаўскага раёна для падрабязнага вывучэння і збору інфармацыі пра Огаўскі роспіс. Нярэдка Васіль Іванавіч сам у кар’еры здабывае гліну, якую потым рыхтуе ў школьных кабінетах для работы сваім вучням.

Няўрымслівы і ініцыятыўны, Васіль Іванавіч заўсёды ў творчым пошуку. Стварэнне этнаграфічнага музея ў школе – ідэя яго неспакойнай душы. У час летняй практыкі педагог з дзецьмі ездзіў па вёсках, дзе яны збіралі экспанаты. Дзякуючы падобным вандроўкам, а таксама нястомна-руплівай працы майстра экспазіцыя музея пастаянна пашыраецца. Васіль Іванавіч бачыць магчымасці музея ў выхаванні моладзі, патрыятызму і духоўнасці сярод падрастаючага пакалення. Свае веды і ўменні Васіль Іванавіч ахвотна перадае дзецям. У класе-майстэрні сэрэдняй школы №10 заўсёды цікава. Вучням ёсць чаму павучыцца: у руках ажывае гліняная цацка (на жаль, амаль забыты від беларускага мастацтва). Камячкі гліны… У іх выяўлена дзіцячая напасрэднасць і шчырасць.

А ўсё хараство нараджаецца з уласнага светаўспрымання: сюжэты і стылістыка выканання,дакладнасць і выразнасць форм, пластычнасць, лаканізм, кампактнасць, а галоўнае – ярка выяўленыя нацыянальныя асаблівасці, якія пераконваюць нас у тым, што гліняная цацка надзвычай цікавы, хоць і забыты, від мастацтва.

Поспехі гэтага сціплага чалавека–майстра прызнаны і вядомы не толькі ў вобласці. Аб гэтым сведчаць шматлікія ўзнагароды і прэміі: лаўрэат конкурсу ганчарнага майстэртсва, што праходзіў у Іванаве; граматы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства Адукацыі; уладальнік бронзавага медаля ВДНГ СССР (1990г.); лаўрэат міжнароднага конкурсу “Славянскі базар ў Віцебску”… Пералік гэты можна доўжыць, але было б несправядліва змаўчаць пра павагу і прызнанне вучняў і калег: безадказны, добры, чулай душы чалавек, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, а яшчэ дарадчык і ўважлівы слухач. Шмат сваіх работ ён дорыць сябрам і блізкім на памяць.

Ад зносін з ім светла становіцца на душы, хочацца тварыць і несці ў свет дабро і веды так, як гэта робіць Васіль Іванавіч Логвін, – шчыра, ад самых глыбінь неспазнанай творчай душы.

 

Iнфармацыя падрыхтавана намеснiкам загадчыка ВМК Дрык Н.С.