Разделы сайта

Главная

Вавренчук Наталья Александровна

Свой шлях да дзіцячых сэрцаў

 

Творчы падыход да працы, высокі прафесіяналізм настаўніка заўсёды з’яўляюцца гарантам трывалых ведаў вучняў. Навучыць і выхаваць дзяцей - такія першачарговыя задачы Наталлі Аляксандраўны Ваўранчук, настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы №7 Брэста. З задавальненнем яна ўспамінае ўрокі сваёй першай настаўніцы Зінаіды Аляксандраўны Пятручык у сэрэдняй школе №5: “Яна бачыла і разумела кожнага вучня паасобку і з’ядноўвала ўсіх у дружны калектыў. Часам была сябрам - шчырым і адкрытым, часам суддзёй - строгім і патрабавальным, але заўсёды - прафесіяналам сваёй справы.”

На выдатна Наталля Аляксандраўна закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка пачатковага навучання” з дадатковай спецыяльнасцю “Музыка і спевы”. Першы урок у сярэдняй школе №7 - прыступка да прафесіяналізму. Позірк дзіцячых вачэй, адкрытых і даверлівых, дапамог паверыць у сябе, настаўніца нібы адчула душой “Я магу”.

Вось ужо некалькі гадоў Наталля Аляксандраўна кіруе раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў пачатковых класаў “Эрудыт” Маскоўскага раёна Брэста.

Асноўны напрамак педагагічнай дзейнасці настаўніцы знайшоў сваё адлюстраванне ў навукова-даследчай распрацоўцы “Фарміраванне матэматычнага маўлення малодшых школьнікаў” (навуковы кіраўнік А.М.Сендзер, прафесар, доктар педагагічных навук), якая выкарыстоўваецца на занятках слухачоў Брэсцкага інстытута развіцця адукацыі ў вучэбным працэсе кафедры матэматычных дысцыплін псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, а таксама настаўнікамі пачатковай школы на занятках па матэматыцы, што дазваляе значна павысіць эфектыўнасць работы педагогаў.

Асноўныя ідэі навукова-даследчай работы Наталля Аляксандраўна тлумачыць у сваіх шматлікіх публікацыях, з якімі часта выступае на старонках газет і часопісаў. Настаўніца даследуе праблему фарміравання маўленчай дзейнасці пры выкарыстанні малодшымі школьнікамі матэматычнай мовы. На практыцы выказванні вучняў з ужываннем матэматычных тэрмінаў часцей за ўсё недасканалыя. Працуючы над гэтай праблемай пэўны час, Наталля Аляксандраўна пераканала калег у тым, што чым паўней засвойваецца матэматычная мова,тым больш паспяхова вучні пазнаюць складаныя сувязі ў прыродзе і грамадстве, удасканальваюць матэматычныя веды.

Н.А. Ваўранчук думае і працуе творча. Яна развівае ў дзяцей навыкі самастойнай работы, а гэта адзін са складнікаў ідэальнага навучання, дзе існуе двуадзінства - жаданне  і ўменне вучыцца самастойна.

У сваёй рабоце яна з’яўляецца прыхільніцай розных метадаў навучання як традыцыйнай, так і інавацыйнай школы. Галоўнае - каб дзеці атрымалі новыя карысныя веды. Творчы падыход дазваляе не дзяліць вучняў на паспяховых і адстаючых, і кожнае дзіця ў настаўніцы рухаецца тымі тэмпамі, на якія здольна. Яна добра памятае, што дзеці прыйшлі ў школу не толькі за ведамі,але і за чымсьці значна большым - за чалавечнасцю, дабрынёй, ласкай і радасцю.

Работа не рэгламентавана. Наталля Аляксандраўна ўсвядоміла гэта з першых дзён, таму паспявае наведаць вучняў дома,пагаварыць з бацькамі, вырашыць праблемы - усё гэта праграміруе на дасягненне высокага эфекту выхавання. Яе жыццёвае крэда - быць самім сабой, верыць у магчымасці вучняў, падтрымліваць у іх лепшае, добрае, светлае, не шкадуючы для гэтага свайго жыцця. Гэта залог паспяховага навучання і развііцця асобы дзіцяці.

Наталля Аляксандраўна глядзіць на свае прафесійныя задумкі вачыма школьнікаў. Увесь час імправізуе, абуджае іх фантазію. Урок, мяркуе настаўніца, гэта твор мастацтва, які дае педагогу і вучню магчымасць самавыяўлення.

“Галоўнае, - лічыць педагог,-правесці заняткі так, каб вучні добра зразумелі матэрыял; працэс вучобы неабходна ператварыць у радасць, а не ў пакуту. Стараюся ўбачыць кожнага, падтрымаць словам і ўсмешкай, позіркам і жэстам. Сітуацыю ў класе заўсёды трымаю пад кантролем, прадбачу стомленасць, здымаю дзіцячую насцярожанасць. І зноў бачу адкрытыя дзіцячыя твары і лес рук…”

У вольны час настаўніца любіць чытаць, прычым перавагу аддае літаратуры сур’ёзнай. Складаная філасофская проза Ж.-П. Сартра і А. Камю вабіць яе па-свойму, бо тут яна не проста чытач і сузіральнік са сваім светапоглядам, а непасрэдны ўдзельнік. Яшчэ адна стыхія творчай асобы - кветкі. Яны даюць хвіліны заспакаення пасля цяжкай працы, настройваюць на добры лад.У іх зеляніне любіць заблытацца хатні любімец-папугай.

Дачушка Ніна любіць назіраць за мамай: акуратна складвае стосы сшыткаў (найпеш-з прыгожым, акуратным почыркам), гартае падручнікі. Ёй добра знаёмы маміны жэўжыкі-неслухі.

Сям’я добра разумее нялёгкую працу настаўніка і ў складаных сітуацыях падстаўляе сваё надзейнае плячо. На святы кватэра поўніцца пахам смачнай духмянай выпечкі. Калегі-аднадумцы часта забягаюць на водар гарбаты.

Наталля Аляксандраўна знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, чым скарачае дыстанцыю паміж настаўнікам і вучнямі, ідзе з адкрытай душой, шукае свой падыход , сваю канцэпцыю, свой шлях да дзіцячых сэрцаў.

 

Iнфармацыя падрыхтавана намеснiкам загадчыка ВМК Дрык Н.С.