Разделы сайта

Главная

Таркина Лариса Александровна

“Дабранач, зайцы, заўтра ў школу…”

 

Аляксандр Пушкін калісьці заўважыў, што ўсе беды чалавецтва заключаюцца ў адной прычыне – у адсутнасці належнага выхавання. Яно не можа рухацца стыхійна, для яго патрэбна праграма.

У наш прагматычны час, калі абвастраюцца процілегласці паміж рэальным і ідэальным, роля школы ў выхаванні вучняў з кожным годам набывае ўсё большае значэнне. Эфектыўнасць уплыву вучэбнай дысцыпліны на фарміраванне светапогляду, станоўчых рыс асобы залежыць ад асобасных і прафесійных якасцей класнага кіраўніка. Яго кампетэнтнасць з’яўляецца больш важным фактарам, чым сродкі і метады навучання. Ларысу Аляксандраўну Таркіну, настаўніцу рускай мовы і літаратуры брэсцкай сярэдняй школы № 31, класнага кіраўніка двух класаў (7 “А” і 11 “А”), ведаюць не толькі ў абласным цэнтры.

Калегі педагога адзначаюць: “добра ведае псіхалагічныя асаблівасці вучняў”, “мае жывы і актыўны характар”, “заўсёды гатова да перагляду сваіх поглядаў і пастаяннага самаўдасканалення”, “аб’ектыўна ацэньвае кожны поспех навучэнцаў”, “схільная да самааналізу”.

Вялікую ролю Ларыса Аляксандраўна ўдзяляе рабоце з бацькамі вучняў – павышэнню ўзроўню іх педагагічнай культуры. Адной з асноўных форм работы па педагагічнай адукацыі сям’і з’яўляецца бацькоўскі сход. Настаўніца аддае перавагу нетрадыцыйным формам, выкарыстоўвае такія метады і прыёмы, якія актывізуюць увагу стомленых пасля працы бацькоў, ствараюць асаблівы настрой для адкрытай і шчырай размовы. Л.А.Таркіна лічыць, што нетрадыцыйная методыка павышае цікавасць бацькоў у выхаванні дзяцей, значна павялічвае колькасць прысутных на кожным бацькоўскім сходзе.

Практыка адкрытага ўзаемадзеяння з бацькамі ў выхаванні дзяцей прыносіць плён. У Ларысы Аляксандраўны склалася мадэль гэтай работы, якая ўключае выставы творчых прац вучняў (вышыўка, маляванне, роспіс па шкле, канцэрты, літаратурныя гасцёўні). Агульныя пасяджэнні бацькоўскіх камітэтаў 7 і 11 класаў сталі звыклымі для вучняў і бацькоў: на іх вырашаюцца праблемы, прымаюцца рашэнні, аказваецца дапамога. У Ларысы Аляксандраўны ёсць задума: аб’яднаць для выхавання дзяцей... іх бабуль.

Немалаважная роля ў рабоце адводзіцца і фарміраванню здаровага ладу жыцця. Важна, што і тут бацькі не сузіральнікі, а самыя актыўныя ўдзельнікі. Кожную восень у школе праходзіць спартландыя паміж вучнямі 7 і 11 класаў і камандай іх бацькоў. Формы работы пастаянна мяняюцца: у снежні спаборнічаюць паміж сабой толькі дзеці, а бацькі выступаюць у ролі членаў журы.

Паходы любяць і малодшыя, і старшыя школьнікі. Турыстычная база санаторыя “Буг” штогод сустракае выхаванцаў настаўніцы. Конкурсы сямейнай песні, сямейнага футбола, сервіроўкі паходнага стала – толькі некаторыя моманты з насычанага жыцця двух класаў.

Ларыса Аляксандраўна правяла адкрытыя ўрокі для мам у 11 класе па тэме “Вобраз мамы ў творах рускіх класікаў”, а ў 7-м – па творы К.Паустоўскага “Тэлеграма”. Школьны тэатр пад кіраўніцтвам Л.А.Таркінай развівае творчыя і акцёрскія здольнасці дзяцей, іх актыўнасць. У калектыве выхоўваюцца такія якасці, як сяброўства, цярплівыя адносіны адзін да аднаго, павага да чужой думкі. Дзеці вучацца валодаць словам, рознымі інтанацыямі, даносіць вобразы да гледачоў. Вучні выступаюць у ролі рэжысёраў, грымёраў, касцюмераў, дэкаратараў, мастакоў. Настаўніца лічыць, што тэатр – гэта тое месца ў школе, дзе ўтульна сябе адчуваюць ціхоні і гарэзы, выдатнікі і слабапаспяховыя вучні. Для тых, хто не мае артыстычных здольнасцей, падбіраюцца эпізадычныя ролі.

Падчас тэатральных прэм’ер станоўчыя эмоцыі перапаўняюць і юных артыстаў, і гледачоў. Дзеці памятаюць школьны тэатр і пасля заканчэння навучальнай установы. Заняткі ў тэатральным гуртку вучаць іх жыць у калектыве, выказваць свой пункт погляду і ў той жа час прыслухоўвацца да чужой думкі. Завучванне тэкстаў развівае памяць, узбагачае слоўнікавы запас. Дзеці становяцца камунікабельнымі.

Тэатральная студыя “Акцэнт”, якая аб’ядноўвае два класы, добра вядомая ў школе. Старшакласнікі паставілі п’есы М.Астроўскага “Свае людзі – паразумеемся”, “У гасцях у Наталлі Сяргееўны і Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна”. Не адстаюць і малодшыя школьнікі. На іх рахунку пастаноўкі – “З-за дзяўчынкі” і “Шурыкі дзейнічаюць”. На раённым конкурсе тэатральных калектываў юныя тэатралы 31-й школы выйшлі пераможцамі. Акрамя таго, Таццяна Петух была адзначана за лепшае выкананне жаночай ролі, а Данііл Кулеша – мужчынскай.

Перад  Калядамі Ларыса Аляксандраўна з юнымі артыстамі наведала інтэрнат аўтамабілістаў. Вучні зладзілі для дарослых шэраг пастановак, за што былі ўхвалены апладысментамі. Ларыса Аляксандраўна верыць у таленавітасць сваіх дзяцей і ўдзячна бацькам за шчырую падтрымку. Педагог ведае, што іх адыход ад выхавання дзяцей спараджае шматлікія праблемы ў станаўленні асобы вучняў. Па гэтай прычыне настаўніца адводзіць шмат часу ў сваёй рабоце павышэнню бацькоўскага майстэрства ў выхаванні дзяцей. Акцэнт на работу з сям’ёй, павышэнне ўзроўню бацькоўскай культуры – асноўныя арыенціры мадэлі выхавання Л.А.Таркінай.

Адным са сродкаў ацэнкі выніковасці работы класнага кіраўніка з класам з’яўляецца ўдзел у розных конкурсах, спаборніцтвах і выставах.  Так, Арцём Лапчанка даўно займаецца бейсболам, у яго партфоліа шмат узнагарод. Аднакласнікі заўсёды ходзяць на яго выступленні. У раённым конкурсе “Перамога дзеда – мая перамога” Арцём выйшаў пераможцам з работай пра свайго прадзеда.

Выступленні вучняў Л.А.Таркінай на навукова-практычных канферэнцыях адзначаны дыпломамі. У школе пад кіраўніцтвам настаўніцы выдаецца літаратурны альманах “Слова”, дзе часта друкуюцца творы яе вучняў.

Сёлета на ІV Рэспубліканскім фестывалі ў Гомелі вучні педагога былі адзначаны дыпломамі за відэафільм пра Брэст “Патрыятызм вачыма маладых”. У зборніку лепшых твораў удзельнікаў літаратурных конкурсаў  “Доблесць продкаў – нашчадкам у спадчыну” маюцца вершы і выхаванцаў Л.А.Таркінай. У сённяшняй студэнткі філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна Хрысціны Леснік яшчэ падчас вучобы ў школе выйшаў зборнік паэзіі “Да сустрэчы, сум”. Многія выхаванцы Ларысы Аляксандраўны выбіраюць прафесію свайго любімага настаўніка. Так, Яўген Малыха, пяцікурснік БрДУ імя А.С.Пушкіна, з задавальненнем прыходзіць на практыку да Л.А.Таркінай.

На ўсё хапае часу ў гэтага педагога. Ларыса Аляксандраўна з’яўляецца лектарам Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, цесна супрацоўнічае з кафедрай гісторыі і тэорыі рускай літаратуры “пушкінскага” ўніверсітэта. Абласныя і раённыя семінары таксама не абыходзяцца без выступленняў Ларысы Аляксандраўны.

Выхаваўчая прастора, створаная Л.А.Таркінай, дазваляе на практыцы выйсці на якасна новы ўзровень ідэалагічнай работы, дзе старэйшыя вучаць малодшых, перажываюць за іх і заўсёды гатовы да ўзаемадапамогі. Яскравы прыклад: гэтай зімой, гуляючы ў школьным двары, нехта з малодшых  вучняў згубіў мабільны тэлефон. Старэйшыя сябры з 11 класа доўга раскідвалі снежныя гурбы, каб адшукаць прапажу. І тэлефон быў знойдзены.

Інфармацыя сёння з’яўляецца адным з асноўных сродкаў фарміравання грамадзянскай свядомасці, таму інфармацыйныя гадзіны, якія ладзіць Л.А.Таркіна  (“Дзень памяці”, “Мая Рэспубліка Беларусь”, “Канстытуцыя РБ”), праходзяць на адным дыханні. Вучні самі знялі фільм “Вялікі Афганістан” пра воіна-афганца Барыса Іванавіча Асана.

Традыцыйнымі сталі патрыятычныя акцыі (конкурс патрыятычнай песні “Дарагая мая Беларусь”). У школе дзейнічае музей баявой славы, экспанаты якога расказваюць пра мінулае краіны. Тут праходзяць сустрэчы з ветэранамі, прымаюць у піянеры.

Узаемаадносіны дзяцей як сонечны прамень. Кіраваць гэтым промнем – справа складаная, але цікавая. І Ларыса Аляксандраўна арганізоўвае дзіцячыя ўзаемаадносіны такім чынам, каб у класе на працягу ўсяго года было толькі сонечнае надвор’е.

Вучні становяцца самастойнымі, могуць самі ўзяць арганізацыю мерапрыемства на сябе, але абавязкова прыйдуць за слушнай парадай да класнага кіраўніка.

Кім бы ты ні быў, жыццё павінна быць духоўна багатым, таму значную ролю ў сваёй рабоце настаўніца адводзіць экскурсійнай дзейнасці. Пры гэтым экскурсіі выбіраюцца не стыхійна, а прадумана – старажытныя гарады Беларусі, культурныя помнікі, вытворчыя прадпрыемствы.

У кожнага ў класе ёсць свая справа. Многія вучні наведваюць спартыўныя секцыі, танцавальныя студыі, музычныя школы. Праведзеная дыягностыка пацвярджае творчую накіраванасць інтарэсаў дзяцей. Ларыса Аляксандраўна лічыць: “Асноўная мэта выхаваўчай працы заключаецца ў развіцці гарманічна развітай асобы вучня, здольнага хутка адаптавацца ў сучасным асяроддзі. З чаго пачаць? Перш за ўсё з сябе. Вельмі часта настаўнік ўспрымае сябе ў школе толькі як носьбіта сваёй сацыяльнай ролі. Але такое ўспрыманне збядняе і абесчалавечвае асобу настаўніка, бо асоба чалавека ва ўсіх яго іпастасях больш багатая і шырэйшая за любую ролю”.

Гуманізацыя асобы з дапамогай свайго прадмета дапамагае праявіцца самым нечаканым якасцям і ўчынкам. Дзейнасць класнага кіраўніка на ўроках рускай літаратуры дазваляе вучням па-новаму зірнуць на свайго настаўніка, адкрыць у ім чалавека, лепш зразумець яго душу. Як філолаг, значную ролю Ларыса Аляксандраўна адводзіць фарміраванню культуры зносін у інтэрнэце. Яна адсочвае зносіны сваіх выхаванцаў на сайце “Аднакласнікі” – піша пасланні тым, хто вельмі доўга там “завісае”: “Зайцы, дабранач, заўтра ў  школу”.

За гады работы ў школе настаўніца вывела сваю формулу поспеху: без культуры – няма духоўнасці, без духоўнасці – няма выхавання, без выхавання – няма Чалавека, без Чалавека – няма народа. Вось такая яна, настаўніца, класны кіраўнік, цікавы субяседнік, добрая жонка, клапатлівая маці, ласкавая бабуля Ларыса Аляксандраўна Таркіна, якая выхоўвае чужых дзяцей, як сваіх. Нядзіўна, калі на пытанне “Дзеці, ці задаволены вы сваім класным кіраўніком?” чуецца дружнае гучнае і малодшых, і старэйшых: “Самая лепшая ў свеце!”

 

Iнфармацыя падрыхтавана намеснiкам загадчыка ВМК Дрык Н.С.