Разделы сайта

Главная

Усманов Руслан Мухамедович

                              У чаканні царэвіча

Спрадвеку славілася народнымі майстрамі беларуская зямля. Яны стваралі непаўторныя ювелірныя ўпрыгажэнні, ткалі цудоўныя слуцкія паясы, будавалі палацы і храмы, якія і сёння здзіўляюць нас сваей незвычайнай прыгажосцю.

Даўно вядома, што ў кожнага майстра свой прыродны дар. Не ва ўcix ён праяўляецца адразу. Ён як i зерне: адно прарастае хутка, другое доўга ляжыць у зямлі, выходзіць на свет павольна. Але, выйшаўшы, заяўляе пра сябе ўпэўнена. Нельга знайсці мастака, творчы шлях якога ўяўляў бы сабой роўную ўзыходзячую лінію. Хутчэй за усё, гэты шлях можна параўнаць з лесвіцай, дзе кожную прыступку трэба адольваць, каб ўзыходжанне было няспынным.

Скульптар Руслан Мухамедавіч Усманаў адчувае ўсю складанасць таго пластычнага мастацтва, якому ён вырашыў прысвяціць жыццё. Ужо шмат гадоў выкладае ён у старшых класах сярэдняй школы № 10 Брэста малюнак і скульпту­ру. Гэтая навучальная ўстанова дапамагла яму калісьці вызначыцца ў выбары прафесіі. Потым бы­ла вучоба ў Ташкенце, у вучылішчы імя Бінькова на аддзяленні "тэатральная бутафорыя". Крыху пазней — Акадэмія мастацтваў імя К. Бехзода.

Гады вучобы многа далі ў станаўленні асобы скульптара. Нязмерна ўзбагаціўся мастакоўскі і тэарэтычны кругагляд. Умацавалася ўпэўненасць у тым, што мас­тацтва, як казаў А. Бурдэль, "не забава, i мастак павінен быць гатовы на найвялікшыя ахвяры", што для творчасці неабходны дзве абавязковыя якасці: талент i ўпартасць. Без таленту нельга дасягнуць добрага выніку. Талент свой Руслан Мухамедавіч узбагачае і ўзмацоўвае шляхам пастаянная назірання за жыццём.

Дасканаласць пластычных форм, цудоўнае ўменне майстра жыва i энергічна ўвасобіць найскладанейшыя ракурсы выбранага аб'екта ўласцівы яго скульптурам.

Адчыняем дзверы майстэрні (калі так можна назваць школьнае памяшканне) — i здаецца, што ты трапіў у казку. Тут ідзе нястомная барацьба майстра з глінай i гіпсам. Пад умелай рукой творцы нараджаецца цуд: царэўна-жаба ганарова ўзвышаецца на сваім  подыуме, здзіўлена пазіраючы, сустракае гасцей. Быццам чараўнік шчыруе над камячкамі гліны, удыхаючы ў яе цяпло душы. Хутка на галаве балотнай гаспадыні з'явіцца карона і стралу Іванушкі сціснуць жабіны лапкі-пальцы.

Імкненне аб'яднаць асабістае i агульнае, канкрэтнае i зборнае, індывідуальнае i сімвалічнае прывяло Руслана Мухамедавіча да стварэння такога крыху нязвыклага і разам з тым неверагодна дзіўнага праекта.

Надзвычай многа сваей шчодрай энергіі ён аддае вучням шко­лы. Вочы яго свецяцца радасцю, калі бачаць рэальны плён свайго ўкладу.

Пакуль жаба ў чаканні свайго царэвіча, ёю любуюцца вучні i госці школы. 3 аўтарскага гіпсавага экземпляра зробяць бронзавы адліў, i яна ўпрыгожыць азярко гарадскога парка — царэўне i месца ганаровае павінна быць.

Сустрэча з Русланам Мухамедавічам пераканала: дотык да цудоўнага ўзбагачае душу станоўчым запалам энергіі. Знаёмства з iм упэўніла, што толькі спалучэнне прыродных асаблівасцей, няўхільнай працавітасці і самаадданай любові да мастацтва магло сфарміраваць у канчатковым выніку майстра.

 

Iнфармацыя падрыхтавана намеснiкам загадчыка ВМК Дрык Н.С.