Разделы сайта

Главная

Дэкада беларускай мовы і літаратуры

            У сярэдняй школе №22 праходзіла Дэкада беларускай мовы і літаратуры, у якой бралі ўдзел вучні 5-х – 11-х класаў. Вучні разам з настаўнікамі падрыхтавалі цікавыя мерапрыемствы, якія праводзіліся па суботах, тым самым уносячы разнастайнасць у правядзенне шостага школьнага дня.
            Пачалася Дэкада святам “Хлеб – жыцця ўсяго аснова” (наст. Куц Л.Д, Білялава Т.В.), падчас якога вучні чыталі вершы, прысвечаныя хлебу, спявалі песні, інсцэніравалі эпізоды са школьнага жыцця, спявалі і частавалі адзін аднаго і гасцей свята хлебнымі вырабамі, якія спяклі дома.
           70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была прысвечана літаратурна-музычная кампазіцыя “Нас клічуць званы Хатыні” (наст. Саладуха Т.М.), якую падрыхтавалі вучні 8 “Б” класа. Пасля мерапрыемства ўсе прысутныя запланавалі на весну паездку ў Хатынь.
             Вялікую цікавасць выклікала гасцёўня “Аптэка маёй бабулі” (наст. Пятрова Н.А.), у якой удзельнічалі вучні 5-х і 11-х класаў. Прысутных пазнаёмілі з зёлкамі, якія растуць на Беларусі і здаўна выкарыстоўваюцца яе жыхарамі. Вучням былі прапанаваныя напоі з раслін, кожны ўдзельнік свята атрымаў на памяць духмяны збор.
            Закрываў Дэкаду “Асенні марафон” (наст. Выржамкоўская Т.У.) для вучняў 7-х, 8-х, 9-х класаў. Старшакласнікі рыхтавалі заданні, ацэньвалі веды на станцыях “Месяцаслоў”, “Залацінкі мудрасці”, “Адгадайка”, “Грамацеі” і інш., узнагароджвалі за правільныя адказы асобнымі літарамі і словамі, з якіх вучні ў выніку склалі выказванне У.Караткевіча “Хто згубіў продкаў – сябе згубіў, хто згубіў мову – усё згубіў”. Гэтыя словы беларускага пісьменніка былі лейтматывам усёй Дэкады беларускай мовы і літаратуры, якая, на думку вучняў і настаўнікаў, атрымалася вельмі цікавай, разнастайнай, яркай і запамінальнай.

 

Фотоматериалы